У турму на Акрэсціна патрапіў яшчэ адзін актывіст «Еўрапейскай Беларусі»

Актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Павел Юхневіч з сённяшняга дня адбывае 7-суткавы арышт у турме на вуліцы Акрэсціна ў Менску.

За ўдзел у афіцыйным мітынгу прафсаюзаў 1 мая Павел Юхневіч быў завочна прысуджаны судом Першамайскага раёна да 7 сутак арышту. Пасля вынясення прысуду дадому да Юхневіча неаднаразова наведваўся ўчастковы міліцыянт. Моладзевы актывіст вырашыў прыйсці ў Першамайскі РУЎС сам, каб яго не схапілі на вуліцы супрацоўнікі АМАПа, як гэта адбылося на днях з яшчэ адным актывістам «Еўрапейскай Беларусі» Яўгенам Афнагелем. (Моладзевага лідэра арыштавалі на 17 сутак. Да 7 сутак арышту за ўдзел у акцыі 1 мая суддзя Таццяна Паўлючук дадала 10 сутак арышту нібы за «нецэнзурную лаянку». Сведкамі па гэтай справе традыцыйна выступалі амапаўцы).

Больш за 100 актывістаў грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь"прыйшлі 1 мая да Нацыянальнай бібліятэкі і ўзнялі на афіцыйным мітынгу дзесяткі еўрапейскіх сцягоў. 1 мая афіцыйна святкуецца ў Беларусі як Дзень Працы. Да таго ж, дата мае вялікае значэнне, як для Еўропы, так і для Беларусі: чатыры гады таму ў Еўразвяз увайшлі 10 новых дзяржаў і межы ЕЗ пашырыліся да нашай краіны.

Як толькі на месцы афіцыйных святкаванняў сярод чырвона-зялёных сцягоў з'явіліся сцягі Еўразвяза, да апазіцыянераў падбеглі супрацоўнікі АМАПу. Амапаўцы выхоплівалі сцягі Еўразвяза ў актывістаў, ламалі дрэўкі і адбіралі сінія палотны з зоркамі.

Усяго ў часе афіцыйнага мітынгу было затрымана каля 30 чалавек. Раней за гэтую жа акцыю адбыў 15 сутак арышту старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікола Статкевіч.

Такія жа завочныя прысуды за ўдзел у афіцыйным першамайскім мітынгу былі вынесеныя актывісту «Еўрапейскай Беларусі» Яўгену Афнагелю і лідэрам «Маладога Фронту» Змицеру Дашкевічу і Артуру Фінькевічу. Паводле Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, рашэнне суду Першамайскага раёна супярэчыць закону і не з'яўляецца правамоцным.

Хартыя 97,
pahonia.org

Iнтэрнэт-выданне
pahonia.pomedia.by
працягвае традыцыi газет ПАГОНЯ i ДЕНЬ.


Спасылка на pahonia.promedia.by абавязковая.



Rating All.BY Белорусский рейтинг Сайты Байнета - bynet.it-belarus.net