Яшчэ ў канцы 1980-х гадоў, калі я з Віктарам Валадашчуком працаваў у дзяржаўнай cлонімскай раённай газеце (раёнцы), мы планавалі выдаваць сваю ўласную газету і пісаць туды ўсё, што хацелі і як хацелі.
А то, бывала, напішам артыкулы, а рэдактар раённай газеты Сяргей Прасняк тры дні ходзіць з матэрыялам у руцэ і прамаўляе: „А чаму ты так напісаў? А можа не трэба так пісаць? А няхай гэты матэрыял яшчэ трохі паляжыць. А гэты матэрыял трэба, каб прачыталі ў райкаме партыі і калі дадуць дазвол — мы яго апублікуем” і г.д. А пасля ў 1990-х гадах мы свае публікацыі сталі дасылаць у рэспубліканскія выданні. І тое, што не змагла надрукаваць наша раёнка, з радасцю друкавалі мінскія газеты і часопісы. Але рэдактар Прасняк не супакойваўся і штодня рабіў нам намёкі, маўляў, можа лепш паехаць вам, хлопцы, у Мінск, усё ж рэспубліканскія СМІ больш салідныя за раённыя выданні. „Ды і заробак там большы, чым у нас...”, — казаў рэдактар. Але мы нікуды з роднага горада не ехалі. Мы працавалі дома і пісалі ўсё вастрэй і вастрэй. І тады нас пачалі ціснуць сур’ёзна і прамым тэкстам сказалі, каб мы пакінулі cлонімскую раёнку, што мы і зрабілі. Я пайшоў працаваць у Слонімскі беларускі драматычны тэатр загадчыкам літаратурнай часткі,
а Віктар паехаў у Мінск, дзе ўладкаваўся карэспандэнтам газеты „Свабода”.
Мы часта званілі адзін аднаму, сустракаліся ў Слоніме і пастаянна думалі і гутарылі пра сваю будучую газету.
Яшчэ ў 1937 годзе ў Слоніме выходзіла „Газета Слонімская” на польскай мове, якую рэдагавалі Сяргей Новік-Пяюн і яго жонка Людміла. Польская ўлада тады не дазволіла выдаваць газету па-беларуску, таму газета выдавалася на польскай мове. Выйшла яе некалькі нумароў. У гады Другой сусветнай вайны ў Слоніме выходзіла таксама „Слонімская газета”, але ўжо на беларускай мове, якую рэдагаваў Сяргей Хмара. Выйшла з друку 24 нумары. Праз 60 гадоў мы таксама вырашылі назваць сваю газету — „Газета Слонімская” і працягнуць тыя выдавецкія традыцыі, якія існавалі ў нашым горадзе ў першай палове ХХ стагоддзя. І наша мара ажыццявілася 24 сакавіка 1997 года, калі свет пабачыў першы нумар „Газеты Слонімскай”.
Выхад газеты ў Слоніме ўзварушыў 53-тысячны горад. На першыя нумары газеты грошы нам пазычыў адзін са слонімскіх прадпрымальнікаў, з якім мы хутка разлічыліся, бо газета актыўна ішла ў народ, а наклад яе вырас да 12 тысяч асобнікаў. Людзі актыўна чыталі газету, сталі яе выпісваць не толькі ў Слоніме, але і па ўсёй Беларусі, бо яна была занесена ў рэспубліканскі падпісны каталог. Кіёскі „Белсаюздруку” ў Слоніме бралі столькі газет, сколькі мы маглі даць. Слонімцы куплялі толькі „Газету Слонімскую”. Начальніцу слонімскага аддзялення „Белсаюздруку” выклікалі ў райвыканкам і папярэджвалі, што з за „Газеты Слонімскай” не прадаецца „Советская Белоруссия”, „Рэспубліка” і іншыя дзяржаўныя выданні. Мясцовую раёнку па накладзе мы хутка апярэдзілі ў 3 разы. Усе рэкламадаўцы рэкламу панеслі ў нашу газету. Рэклама стала паступаць з іншых гарадоў Беларусі, у тым ліку і з салідных мінскіх фірмаў.
У той час, калі выдаваўся наш незалежны тыднёвік, падобныя выданні выходзілі на Гродзеншчыне — у самім Гродне, Смаргоні, Ваўкавыску, Мастах і ў некаторых іншых гарадах. І беларусы з цікавасцю чыталі тое, што ім хацелася — найперш незалежныя выданні, дзе, сапраўды, пісалася праўда жыцця.
Але беларускай уладзе з кожным годам гэтыя выданні не прыносілі асалоды, таму прэзідэнцкая вертыкаль на месцах стала рабіць усё, што толькі можна, каб спыніць незалежныя выданні на Гродзеншчыне. Найперш усе выданні былі выкінуты з падпіснога рэспубліканскага каталогу, у тым ліку выкінулі і „Газету Слонімскую”. Пасля паступіў загад не даваць гандляваць газетамі ў кіёсках „Белсаюздруку” і ў дзяржаўных крамах. А пасля наогул, па самых розных прычынах, забаранілі выдаваць „Пагоню”, „Біржу інфармацыі”, „Новую газету Смаргоні”, ваўкавыскі „Мясцовы час” і ўсе астатнія газеты. На сённяшні дзень на Гродзеншчыне пакуль выдаецца толькі адна наша незалежная „Газета Слонімская”. Пры ўсіх забаронах наклад яе сёння складае 7 тысяч паасобнікаў (40 старонак). Прычым сіламі рэдакцыі мы выдаем яшчэ адну газету „Отдушина” накладам 4 тысячы асобнікаў (8 старонак).
Сем гадоў мы арандавалі памяшканне для „Газеты Слонімскай” у мясцовым быткамбінаце. Слонімскі быткамбінат даўно з’яўляецца стратным прадпрыемствам і арэнда для іх — гэта нядрэнны прыбытак. Таму гаспадары такім арандатарам, як мы, заўсёды былі задаволены. І яны нас ніколі не выгналі б, калі б не атрымалі загаду з мясцовага райвыканкама. „На вуліцу ўсіх і чым хутчэй, тым лепш!” — гучаў загад ад мясцовых чыноўнікаў-вертыкальшчыкаў. І нас пачалі выганяць, не працягваць ліцэнзіі на гандаль і г.д. А калі няма ліцэнзіі на гандаль, няма памяшкання — то тады няма сэнсу выдаваць газету. Для чаго мы тады маем ліцэнзію ? 947 ад 24 сакавіка 1997 года, выдадзеную Дзяржаўным камітэтам па друку Рэспублікі Беларусь?.. Каб выдаваць газету і каб яе чыталі людзі, а не каб ляжала яна на складзе... У нармальных краінах падобная ліцэнзія аўтаматычна з’яўляецца ліцэнзіяй на гандаль, на права на арэнду памяшкання і на сваю ўласную і любую форму распаўсюджвання. А ў нас у Беларусі ўсё не так. Трэба тут не толькі атрымаць ліцэнзію на в
ыданне, але і кланяцца мясцовым чынушам, бо яны гаспадары — каго хочуць ласкаюць, а каго і знішчаюць. Хаця іх абавязак падтрымаць і заўсёды падтрымліваць такія добрыя справы, як выданне новай газеты, як адкрыццё ў горадзе новай крамы, новага рэстарана, новай школы, бальніцы, новай культурнай установы. Ды дзе там?! Знішчэнне — гэта сёння для чыноўнікаў у Беларусі лічыцца перамогай. Дарэчы, у мінулым годзе „Газета Слонімская” ў бюджэт горада пералічыла падаткаў на суму каля 80 тысяч долараў. А нам яшчэ не даюць працаваць, не даюць інфармацыі, прымушаюць не інфармаваць нас дырэктараў заводаў, фабрык, арганізацый, не пускаюць нашых журналістаў на мерапрыемствы, сустрэчы і г.д. Але мы пакуль жывем і выдаем газету, якую чытаюць.
Хмары вертыкалі над „Газетай Слонімскай” навіслі сёлета ў пачатку чэрвеня. І калі ўсё ж ліцэнзію на гандаль (толькі ў адведзеных месцах, а больш анідзе, бо адразу нас пазбавяць ліцэнзіі) нам працягнулі на некалькі гадоў, то з памяшкання наглым чынам нас пачалі выганяць. Ініцыятыва прыкрыць адзінае незалежнае выданне на Гродзеншчыне паступіла, як нам стала вядома, з Гродзенскага аблвыканкама. А гэта таму, што ў канцы верасня ў Беларусі адбудуцца парламенцкія выбары, а напярэдадні выбараў роля незалежнай прэсы ўзрастае. Тым больш, што ў парламент плануе балатавацца сённяшні старшыня Слонімскага райвыканкама Мечыслаў Касцюк.
5-6 чэрвеня дырэктар Слонімскага быткамбіната Станіслаў Іванашка папрасіў нас поўнасцю вызваліць памяшканне, бо яго сурова папярэдзілі з райвыканкама мясцовыя слонімскія чыноўнікі. „Ну, Станіслаў Станіслававіч, хутка мы ваша памяшканне вызвалім. І хто ўжо сюды паселіцца?” — запытаўся я ў дырэктара быткамбіната. „Я нікога не пушчу. І па мне вы маглі б тут працаваць заўсёды. Але ж, бачыце, не даюць. І чаго яны ад вас хочуць, чаго да вас прычапіліся — не магу зразумець”, — уздыхнуў Станіслаў Іванашка.
Мы пачалі вызваляць памяшканне. Тэрмінова. Але перад тым, як пераехаць, мы пачалі шукаць новае памяшканне для рэдакцыі. Ды і яго ў горадзе хапае. І кожны дырэктар не супраць заключыць дамову з рэдакцыяй на арэнду. Але ж гэта не дазволяць зрабіць у райвыканкаме. Таму ўсе баяцца, таму няма сэнсу распачынаць такую справу. Так мы засталіся без памяшкання. І куды пераязджаць — самі не ведалі. І тут слонімскі мастак Уладзімір Макарэвіч прапануе нам часова аддаць пад арэнду хату свайго бацькі. „Бацька памёр, хата пустуе, калі ласка, перасяляйцеся сюды”, — сказаў спадар Макарэвіч. Шмат мэблі, архіў мы адвезлі ў гаражы, а самае галоўнае ўзялі з сабой у хату Макарэвіча. Ледзь уціснулі туды некалькі сталоў і камп’ютэраў, падключылі інтэрнэт. Але два чарговыя нумары выдалі і яны да чытачоў прыйшлі своечасова...
Што будзе далей — пакуль не ведаем самі. Хата, куды пераехала рэдакцыя, знаходзіцца на самым беразе канала Агінскага. З акон хаты можна апусціць вудачку проста ў ваду. А раптам клюне які карпік ці карасік, каб парадаваць нас, рыбакоў-журналістаў са Слоніма.
Сяргей ЧЫГРЫН pahonia.org
Iнтэрнэт-выданне pahonia.pomedia.by
працягвае традыцыi газет ПАГОНЯ i ДЕНЬ.