Ува Ўроцлаве дыскутавалі пра "рэканструкцыю" Горадні
Горадня лічыцца адным з самых прыгожых гарадоў Беларусі. У ёй ёсьць нешта, свой непаўторны дух, які адрозьнівае горад ад іншых гарадоў краіны. Але некалькі гадоў таму назад гарадзкія ўлады пачалі гэтак званую “рэканструкцыю”, за якой насамрэч было прыхаванае разбурэньне эўрапейскага, заходняга клімату горада. І гэтая тэма абмяркоўвалася нядаўна ў Польшчы.
У рамках V Дзён беларускай культуры ўва Ўроцлаве прайшла дыскусія, прысьвечаная перабудове Горадні. На яе прыехалі гарадзенцы, сабраліся жыхары Ўроцлава, адбылася дыскусія, якая прагучала даволі сумна й пэсымістычна – шмат ужо зьнішчана, і ніхто ня ведае, якія пляны гарадзкіх уладаў.
Адна з самых маштабных перабудоў – рэканструкцыя Савецкай плошчы. У выніку быў зьнішчаны гістарычны слой, пляніроўка горада, архітэктурныя помнікі. Там ужо няма сярэднявечнай Горадні, няма рынку. Звычайным людзям, якія раней ня бачылі Горадні, нават падабаецца такая плошча – гаворыць гісторык Ян Лелевіч, які часта водзіць па горадзе экскурсіі.
Ян Лелевіч: Шчыра кажучы, калі прыяжджаюць госьці з Польшчы, Летувы, некаторым падабаецца наша рэканструяваная Савецкая плошча. Мяне гэта моцна дзівіць - як, вам падабаецца гэты наш Цяньаньмінь, гэтая вялікая пэкінская плошча? "Tak, bardzo pieknie, mi sie podoba, a panu sie nie podoba?". Яны прывыклі да клясычнай эўрапейскай плошчы, дзе ёсьць ратуша, ёсьць катэдра, ёсьць цэлы шэраг забытковых камяніцаў. А тут такая прастора - з танкам, прыбіральняй у цэнтры горада. Газоны, шмат клумбаў... Але калі ім тлумачыш, што адбылося, якім коштам гэта зроблена, калі паказваеш, якім гэта было да руйнаваньня, мае экскурсанты мамэнтальна становяцца на мой бок, бок усёй сьвядомай Горадні й шчыра нам спачуваюць. Кожны здаровамысьлячы горад дбае пра свае помнікі. Тая ж Савецкая плошча чыстая, прыбраная, там ёсьць лавачкі, прыгожыя дрэвы.
Гісторыі няма.
Так, няма гісторыі. Некаторым і падабаецца такая шырыня прастораў. Ім патрэбная шырокая расейская душа - зь вялікімі плошчамі, шырокімі прасторамі. Гэта своеасаблівая культура, і некаторыя людзі нават прыяжджаюць па гэтую культуру. Толькі прыкра, што нашыя госьці атаесамляюць нас з гэтай культурай, з культурай нам чужой - расейскіх вялікіх прастораў. Савецкая й постсавецкая ўлада шмат зрабіла для таго, каб нават у нашых гасьцей фармавалася ўражаньне аб Горадні як савецкім горадзе, расейскім, іхнім, усходнім горадзе.
Эдуард Дмухоўскі заўважыў, што найгоршае ва ўсёй «рэканструкцыі» тое, што звычайныя жыхары горада ня могуць прымаць удзелу ў дыскусіях на тэму перабудовы, ніхто не прыслухоўваецца да іх голасу. Цяпер сытуацыя крыху супакоілася пасьля пратэстаў грамадзкасьці, але гэта зацішша перад бурай.
Э. Дмухоўскі: Зараз ёсьць пэўнае зацішша, але мы стаім перад бурай. Яны рэканструўюць мост - праз цэнтар горада будзе ісьці адна з галоўных транспартных артэрый. Машыны, аўтобусы, тралейбусы будуць праяжджаць міма фарнага касьцёла. Гэта кепска для старажытнага будынку. Самае галоўнае, што ніхто ня ведае, якія ў іх пляны, хто інвэстар. Ходзяць чуткі пра расейскага інвэстара, які будзе валодаць зямлёй у цэнтры горада. Што ён будзе будаваць - мы можам толькі здагадвацца. У нармальным горадзе гараджане абмяркоўваюць, ці будаваць тое ці іншае. А ў нас такога няма. Зараз усё вырашаюць грошы. Грошы вядомыя толькі кіраўніцтву горада. І розныя гешэфты з будаўнічымі фірмамі. Нам засталося прапанаваць ім гэтай пліткай, якой выкладваюць Горадню, павыкладваць усе палі вакол яе. Нават камуністычная ўлада ў савецкай Біларусі была больш адукаваная, прыстойная й культурная, чым сёньняшняя гарадзенская.
Сустрэча гарадзенцаў з палякамі атрымалася даволі сумная – паказалі здымкі будынкаў, якіх ужо няма, яны былі зьнішчаны, госьці з Горадні рабілі ўражаньне пэсымістычна настроеных. Гэта не пэсымізм, а рэальны падыход – кажа Павел Мажэйка.
П. Мажэйка: Самае важнае - мы ня хочам самі ад сябе хаваць тых праблем, якія ёсьць у нашым горадзе. Калі мы будзем рэальна глядзець на рэчы, рэальна ацэньваць сытуацыю, то будзем прымаць нармальныя рашэньні й рабіць нармальныя акцыі, якія дапамогуць нам уратаваць наш горад ад разбурэньня. Можа, нам не ўдасца поўнасьцю спыніць рэканструкцыю, але нам удалося падняць хвалю зацікаўленасьці па ўсім сьвеце, прыцягнуць увагу.
Палякі пільна сочаць за тым, што адбываецца за іх усходняй мяжою. Іх цікавіць перш за ўсё лёс польскай меншасьці ў Беларусі, але лёс помнікаў архітэктуры таксама не пакідае абыякавым.
На сустрэчы выступіў былы ваявода Ніжнесілескага ваяводзтва Кшыштаф Гжэльчык, які распавёў пра падпісаньне пяць гадоў таму дамовы аб супрацоўніцтве паміж Уроцлавам ды Горадняй. Кантакты, на жаль,былі прыпыненыя, калі беларускія ўлады не прызналі дэмакратычна абранай старшыні Саюзу палякаў на Беларусі Анжалікі Борыс. Але засталіся нефармальныя сустрэчы. Улады Ўроцлава запрашалі беларускіх грамадзкіх дзеячоў, апазыцыйных палітыкаў. Калі Аляксандар Мілінкевіч напісаў ліст з просьбай памагчы спыніць перабудову Горадні, улады Ўроцлава вырашылі дзейнічаць - распавядае Кжыштаф Гжэльчык.
К. Гжэльчык: У мінулым годзе, калі я атрымаў трывожны ліст ад Аляксандра Мілінкевіча, які пісаў пра разбурэньне старой архітэктуры Горадні, мы адразу пачалі дзейнічаць. Я зьвярнуўся да міністра культуры ў польскім урадзе й да Эўрапейскага парлямэнту. Дэпутаты Эўрапарлямэнту зьвярнуліся ў ЮНЭСКА. А міністар культуры паведаміў, што падчас перамоваў з беларускімі ўладамі гэтыя пытаньні былі закрануты. Мне здаецца, што нашы дзеяньні прынесьлі вынік. Пазьней я даведаўся з прэсы, што ўлады спынілі перабудову, а нават абяцалі рэстаўраваць гарадзенскі стары горад.
Польшча, у прыватнасьці, Уроцлаў, памагае гарадзенцам адчуваць, што яны не адны, што нехта ў сьвеце заступаецца за гістарычны горад. Паміж Горадняй і Ўроцлавам існуе цэлая праграма партнэрства – гаворыць Павел Мажэйка, акрывіст руху «За Свабоду».
П. Мажэйка: Спыненьнем гэтага супрацоўніцтва на афіцыйным узроўні кіраўніцтва Ўроцлава паказала, што нельга забывацца на грамадзянскую супольнасьць, якая ёсьць у Беларусі, у Горадні. Мы распачалі супольную праграму "Горадня - Уроцлаў. Партнэрства для будучыні", дзе ёсьць тры падпраграмы: выдавецтва "Гарадзенская бібліятэка", дзе мы спрабуем паказаць шматкультурнасьць горада, эўрапейскія традыцыі. Самае важнае - кшталтаваць нацыянальную сьвядомасьць. Мы разумеем, што польская меншасьць Беларусі вельмі важная для Польшчы, але ня будзе яе разьвіцьця, калі ня будзе разьвіцьця беларускасьці. І на разьвіцьцё беларускасьці скіраваная гэтая сэрыя. Па-другое, гэта супрацоўніцтва адносна будучай стратэгіі разьвіцьця горада, мы працуем разам з уроцлаўскімі спэцыялістамі. І трэцяе - Гарадзенскі калегіюм - дыскусійны клюб, які дапамагае гарадзенцам разьвівацца інтэлектуальна, сустракацца зь цікавымі людзьмі й трымаць руку на пульсе.
Гарадзенскі стары горад унесены ў сьпіс беларускіх культурна-гістарычных каштоўнасьцяў з нумарам 1. Прыхільнікі старой Горадні палічылі, што ў выніку гэтай званай рэканструкцыі зьнесена каля 30 старых будынкаў, якія патрабавалі аднаўленьня. На месцы некаторых сапраўды пабудавалі падобныя, але гэта ўжо іншыя, сучасныя будынкі.
Беларуская служба Польскага радыё pahonia.org
Iнтэрнэт-выданне pahonia.pomedia.by
працягвае традыцыi газет ПАГОНЯ i ДЕНЬ.