|
“Газета Слонімская” выйграла суд Суд палічыў, што матэрыял журналіста пра лекарку Натальлю Кіман грунтаваўся на канкрэтных фактах, якія ў выніку судовага сьледзтва пацьвердзіліся. Карэспандэнт Сяргей Васільеў распавёў у адным з нумароў газэты гісторыю пра тое, як адна з пацыентак пасьля лекаваньня зубоў падала на лекарку ў суд і спагнала зь яе 700 тысяч рублёў у якасьці кампэнсацыі за прафэсійную некампэтэнтнасьць. Пазьней касацыйны суд пакінуў рашэньне ў сіле. Натальля Кіман палічыла, што ў газэтным матэрыяле закрануты яе гонар і годнасьць. Яна падала ў суд пазоў, патрабуючы ад “Газеты Слонімскай” абвергнуць надрукаваныя пра яе зьвесткі, а таксама спагнаць з газэты й аўтара артыкула, Сяргея Васільева, 10 мільёнаў рублёў. Сёньня суд адмовіў Натальлі Кіман у яе пазове да газэты й журналіста. “Газета Слонімская” ўжо амаль месяц застаецца без памяшканьня. Улады адмовілі ў арэндзе, а знайсьці новае памяшканьне, нават у прыватных уласьнікаў, дагэтуль не атрымліваецца. Ужо на працягу двух гадоў газэта ня ўключана ў каталёг падпіскі “Белпошты” і не прадаецца ў шапіках “Белсаюздруку”, бо дамову зь ёй не працягнулі. Сёлета “Газета Слонімская” стала ляўрэатам прэміі фонду “Цайт”. Уручэньне прэміі адбылося 19 траўня ў ратушы Гамбурга (Нямеччына). “Газета Слонімская” прызнана найлепшай за асьвятленьне падзей у рэгіёне. Радыё Свабода,
Iнтэрнэт-выданне |