Маскоўскі Патрыярхат спакойны з нагоды магчымага візіту Папы ў Беларусь

Маскоўская Патрыярхія стрымана пракаментавала «Рэйтэр» магчымы прыезд у Беларусь Папы Рымскага, што кантрастуе з рэзкімі адзнакамі візіту кіраўніка каталіцкай царквы ў Кіеў.

Аляксандр Лукашэнка ў канцы чэрвеня запрасіў Папу Рымскага ў сваю краіну, якую Руская праваслаўная царква лічыць сваёй "кананічнай тэрыторыяй".

Ватыкан станоўча паставіўся да гэтага запрашэння, а Лукашэнка паведаміў, што спадзяецца на пасрэдніцтва Ватыкана ў паляпшэнні адносінаў Менска з Захадам, які вінаваціць беларускага кіраўніка ў парушэнні правоў чалавека.

Візіт кіраўніка каталікоў, тады Іяана Паўла Другога, у суседнюю Ўкраіну ў 2001 годзе сустрэў рэзкую крытыку з боку РЛЦ і падпарадкавальнай Маскоўскай патрыярхіі Ўкраінскай праваслаўнай царквы. Яны вінавацілі Ватыкан у парушэнні правоў праваслаўных і экспансіі на праваслаўную "кананічную тэрыторыю".

Папа марыў наведаць і Расею, але кіраўнік РПЦ Алексій Другі рэзка пярэчыў супраць гэтага, вінавацячы каталікоў у імкненні схіліць у сваю веру расейскіх праваслаўных.

У адказ на просьбу «Рэйтэр» пракаментаваць беларускія планы Папы сакратар па міжхрысціянскіх сувязях Маскоўскага Патрыярхата айцец Ігар Выжанаў сказаў:

"У якасці пажадання можна сказаць аб неабходнасці ўлічваць меркаванне беларускага праваслаўнага насельніцтва".

Ён прапанаваў "дзейнічаць зыходзячы з міжканфесійных адносінаў у краіне", аднак пытанне, як Руская праваслаўная царква ацэньвае адносіны паміж праваслаўнымі і каталікамі ў Беларусі, пераадрасаваў у Менск.

"Па гэтай нагодзе меркаванне трэба спытаць у праваслаўнай царквы ў Беларусі", - сказаў святар.

Прэс-сакратар Беларускага Экзархата Рускай праваслаўнай царквы Андрэй Петрашкевіч сказаў «Рэйтэр» па тэлефоне, што супярэчнасцяў паміж праваслаўнымі і каталікамі ў яго краіне няма.

Праваслаўныя і каталікі - найбуйнейшыя канфесійныя групы ў 10-мільённай Беларусі, аднак колькасць праваслаўных, па афіцыйных дадзеных, складае да 80 адсоткаў ад агульнага ліку вернікаў. Каля 14 адсоткаў вернікаў - каталікі.

Петрашкевіч не стаў каментаваць верагодны прыезд кіраўніка Ватыкана.

"Беларускі Экзархат магчымасць візіту Папы Рымскага не каментуе. Хто запрасіў, той хай і каментуе", - сказаў ён.

Хартыя 97,
pahonia.org

Iнтэрнэт-выданне
pahonia.pomedia.by
працягвае традыцыi газет ПАГОНЯ i ДЕНЬ.


Спасылка на pahonia.promedia.by абавязковая.



Rating All.BY Белорусский рейтинг Сайты Байнета - bynet.it-belarus.net